epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты прыйдзі да мяне, зірні ў мае вочы...»

Ты прыйдзі да мяне, зірні ў мае вочы.

Так даўно я не бачыла позірку шэрых!

Утапіцца ў іх бляску сэрца прагна так хоча —

Утапіцца ў іх бляску, каб у шчасце паверыць.

Толькі ты ўжо не прыйдзеш...

Можа, толькі ў сне ноччу

Да рукі дакранешся гарачай рукою

І з усмехам лагодным мне глянеш у вочы,

Маё сэрца напоўніш цішынёй і спакоем.

І той радасцю даўняй усміхацца я буду —

Ты са мной — мне нічога на свеце не трэба...

Ты у сны мае прыйдзеш! Хай паверу я цуду,

Тваёй ласкі мне трэба, як галоднаму хлеба.

Ну, а ты... Ты не прыйдзеш!

Ты прыйсці ўжо не можаш...

Хто паклаў цябе, мілы, у снежнае ложа?!

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан