epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты шчырасцю песні хвалюеш душу...»

Ты шчырасцю песні хвалюеш душу

За сэрца кранаеш глыбока.

Слязою я боль успамінаў гашу,

Сум долі маёй адзінокай.

 

Спявай! Палягчэнне мне песня дае,

Душа тваім гукам адкрыта,

Жыццё ў ёй тлумачыць загадкі свае,

Гадамі ў туманы спавітых.

 

А розумам трудна, браткі, зразумець,

Што скрыла ў сабе таямніца,

Калі можна толькі маўчаць, і цярпець,

І думаць, што сон табе сніцца.

 

Што толькі ачнуцца — і згіне усё,

Ўся жудасць адразу загіне...

А мы і сягоння дагадкі нясём

Аб мужу, ці браце, ці сыне...

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан