epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ты спявай!..»

Ты спявай! Такі глыбокі голас,

Быццам хваля з пеністай вадой...

Закружыла радужнае кола

Перажытых маладых гадоў...

 

Згадваюцца думкі і настроі,

І пачуцці мне звярнула даль...

Нешта будзіць, нешта непакоіць,

Засцілае вочы нейкі жаль.

 

Бачу я маіх далёкіх, мілых...

Бачу я расцвіўшыя сады.

Песня! Песня! Ты даеш мне крылы,

Клічаш ты мяне ў палёт... Куды?

 

І — нібыта ўсё не перажыта,

Сэрца хоча верыць і любіць,

Погляд ясны, шчыры і адкрыты

Мне ў душу з мінулага глядзіць.

 

Знаю! Помню... Гэта ты — мой любы!

Хваля шчасця грудзі наліла:

Ў хваляванні задрыжалі губы —

Я жыццё нанова пражыла!

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан