epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

У дарозе

Абапал дарогі

Пагоркі, сады,

Палеткаў разлогі,

Лясок малады.

Пранізвае цішу

Сярэбраны свіст —

То далі калыша

Гудком машыніст.

Як песня, што рвецца

Са струн, з-пад смыка,

Цягнік наш імкнецца,

Грыміць на стыках.

І з ім я імчуся

У вольны прастор,

К сваёй Беларусі,

Да сініх азёр,

Да сонечных высяў,

Успененых рэк,

Што ў сэрца ўліліся

З маленства навек.

Мяне тут люляла

Нядоля мая.

Я шчасце гукала

У сонных гаях,

Тут думкі снавала

Пад звон ручая,

І сумна гучала

Тут песня мая.

Сягоння на полі

Радзімы ўсяе

Аб радаснай долі

Пшаніца пяе.

Пад чыстым блакітам,

Пад сонцам вясны

Калышацца жыта,

Сінеюць ільны.

Вясёлыя хаты —

Над плёсам ракі,

З уловам багатым

Плывуць рыбакі.

Пранізвае цішу

Сярэбраны свіст —

То далі калыша

Гудком машыніст.

Я еду сягоння

Здалёку, як госць,

Дадому, дзе звоніць

Мая маладосць.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан