epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«У доме ціша і спакой...»

У доме ціша і спакой.

Утульна. Кніга пад рукой.

І кіпа ранішніх газет.

Бяры — і ўвесь убачыш свет.

 

О, колькі смелых, маладых

Становяцца ў салдацкі строй!

Вось іх адважныя сляды,

Што клічуць іншых за сабой.

 

Адзін упаў — другі ідзе

Грудзьмі закрыць шляхі бядзе.

Было і ў нас, і ў нас было...

Ды ўсё мінула, адгуло.

 

Да шчасця мы праклалі след.

Наш вопыт пераймі, сусед,

Той след, што вывеў нас з бяды...

Умей жа прачытаць сляды!

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан