epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

У маёй майстэрні

У маёй майстэрні, дзе твару я слова,

Быў адзін калісьці невялікі цэх.

Прыйдзе песня,— зразу ёй убор гатовы:

І сукенку зробіш, паглядзець не грэх.

Ад праменняў сонца насукаеш нітак,

Раніца дасць кроплі іскрыстай расы,

Ружа — пах духмяны, гай — зялёны лісцік,

Зорка — сінь істужкі дасць дзеля красы.

А сукенку скроіш ці з ядвабу неба,

Ці з вуалю хмаркі, што плыве праз край...

Выбірай адценні колеру, як трэба,

Знойдзеш, што захочаш, толькі пашукай.

А вясной, бывала, салавей засвішча,

Май вясёлы створыць цэлы груд абноў!

Замыкай майстэрню, завадзі ігрышча,

Песні льюцца хваляй без усякіх слоў.

А цяпер другая надышла часіна,

Пашыраць мне трэба мой рабочы цэх,

Бо чаргою тэмы просяцца ў хаціну,

Ці ж такіх адзенеш абы ў што, наспех?

А ў чарзе, як гляну, аж захопіць вочы:

Юнакі-саколы, як адзін, у рад,

Кожнаму хай цэх мой востры штык наточыць,

Дасць вінтоўку ў рукі, нізанку гранат...

Ну, цяпер гатова. Прынімай рыштунак,

Апранайся, песня,— шлем вось і шынель.

Хоць круці ў катанку, хоць вяжы у клунак,

У паходзе будзе мяккая пасцель...

Кулямёт у рукі, аўтамат за плечы,

У ангарах сталі самалёты ў рад.

Выбірай, што люба, без усякіх спрэчак,

Тут нарыхтавана ўсякай зброі шмат!

І прыходзяць песні незлічоным строем,

З прапановай палкай выйду к ім сама:

«Густа над Радзімай панавісла цьма,

Сполахі пажараў свецяцца над цьмою.

Там кавалак кожны роднае зямліцы

Арасіла сэрца маладога кроў.

Беларусь-радзіма, вольная арліца,

На тваіх граніцах бой крывавы зноў.

Песні! Вы з байцамі стройцеся да ладу

І хадзіце разам з імі крок у крок.

Немца так біць трэба: цэлься ў сэрца гаду.

А на мушку ўзяўшы, апускай курок.

Дык ляціце, песні, песні-арляняты,

Вам наказ гарачы з сэрца я даю:

Будзьце куляй, бомбай, мінай і гранатай,

І штыком і сілай для байца ў баю!

І павязкай мяккай у байца на ране.

І крыніцай чыстай, як захоча піць,

Ласкай і спакоем, спачываць як стане,

Словам — тым, чым толькі песня можа быць.

Будзе час, мы зможам ворага.

Радзіма

Ветла прывітае, мае песні, вас,

Як байцоў за волю, вас прыхільна прыме,

Што ідуць дахаты у спакойны час».

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан