epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

У музеі Якуба Коласа

Яго я помню статным, маладым,

Калі сяброўства ў працы нас з’яднала.

Паэтам сталым Колас быў тады,

Так, як і шчыры друг яго — Купала.

 

А я — дзяўчынкай сціплай і малой

Ішла за імі і паціху пела...

Паэзіі народнае цяпло

Душу маю, як сонца ўлетку, грэла.

 

Любіла слухаць песні я. Нясла

Іх звон з палеткаў ветраная хваля.

Душа народа ў песнях тых жыла,

І мы яе так добра адчувалі!

 

Купала, Колас гукі песень тых

На крыллях сакаліных падымалі

І ў новых словах, з золата літых,

Народу шчырым сэрцам аддавалі.

 

Іх памяць забыццём не зарасце,

І вершы — поўныя цяплом сардэчным

Сустрэў народ — як дарагіх гасцей,

І ў сэрца іх сваё ўвабраў навечна.

1965


1961; 1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан