epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«У нядзелю па маліну мы ў лясок ішлі...»

У нядзелю па маліну мы ў лясок ішлі,

Туманы плылі ў лагчынах, нібы сны зямлі.

Яшчэ сонейка не ўстала,

Толькі зорка запалала —

Хмаркі расцвілі.

 

Тут набралася чародка маладых дзяўчат.

А маліна на галінах —

Як той буйны град.

Палымнее сокам спелым

На галінках пасівелых,

Браць яе пара.

 

Янка ў ягады з Мальвінай перайшлі праз лог,

Дзе звініць званочак сіні, дзе цвіце мурог...

Добра, хораша, як двое,

Калі ў згодзе між сабою —

Там не трэба трох.

 

Паднялося сонца ўгору, высахла раса,

Расплялася у Фядоры русая каса.

У маліне — як маліна,

Русакосая дзяўчына,

Дзеўчына-краса.

 

Нездарма Міхась не зводзіць з дзеўчыны вачэй.

Яна замуж не выходзіць — рана ёй яшчэ.

А цяпер — стаяць вось двое,

Не нацешацца сабою,

Гутарка цячэ...

 

Як вярталіся саколкі,—

Дзень высокі гас.

Былі поўныя кашолкі аж ва ўсіх у нас.

Толькі ў Фені і Мальвіны

Не было зусім маліны...

Толькі ў дзвюх — якраз!

1955 г.


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан