epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«У скверыку сядзіць яна...»

У скверыку сядзіць яна

Штодзень і грэецца на сонцы.

Сукенка з цёмнага сукна.

У шэрай хустцы і ватоўцы.

 

Ёй холадна. Старэчых рук

Бяссілле горкае кранула.

След хворасці ці нейкіх мук,

Самота губ не абмінула.

 

«Нічога ні ў каго прасіць

Мне ў старасці зусім не трэба,

Ёсць што адзець і што насіць,

Ёсць хлеб — і скварка ёсць да хлеба.

 

Вось толькі старасць... Часам я

Бываю хворай і нядужай...

Лягчэй тым — у каго сям’я,

У час, як ногі ўжо не служаць...

 

Сын вырас... І забыўся ён,

Што ёсць на свеце дзесьці мама...

Не носіць пісьмаў паштальён,

І сам не едзе ён — таксама...

 

А мне, уночы, цемната

Глядзіць з кутоў і сон мой будзіць,

І адзінота часам так

Балюча, горка сцісне грудзі...

 

Вады падаць няма каму,

Няма каму прысесці побач.

Шлю думку я сынку свайму,

І сэрца поўніцца жалобай...

 

Яго штодзень чакаю я!

Штодзень, шточас і штохвіліну...

А ён? Ну, ведама,— сям’я,

І дом, і праца...

Ну, а я —

Вось непатрэбнай стала сыну».

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан