epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ў старасці, вядома, трэба цішыні...»

Ў старасці, вядома, трэба цішыні —

Тчэш узоры думак аб жыцці далёкім,

Калі мы да нашых рубяжоў высокіх

Йшлі ў страі салдацкім... Яркія агні

Нас вялі наперад, шлях нам азаралі.

Хто і як мог сілу гэткую змагчы?

Мы — умелі раны на хаду лячыць,

Мы — у вочы смерці смела пазіралі.

Час прыйшоў — маршчыны узаралі твар,

І — хоць гэта ўсім старым няміла —

Трэба прызнавацца: не хапае сілы

Для жыцця, для працы і для светлых мар.

Толькі успаміны часта раняць болем,

Калі ўзнікнуць твары тых, каго няма,

Каго сцяла смерці лютая зіма,

Хто расплыўся рэхам у шырокім полі.

Кожны дзень наступны, быццам падарунак,

Бо вядома — мала застаецца дзён...

Ўсе яны напяты прад вачмі, як струны,

І штодзень — то меней гэтых валакон.

Не, не згінем марна! Будзем жыць на свеце

Ў нашых слаўных дзеях і ў жыцці дзяцей.

Калі сохнуць дрэвы — з долу свежым веццем,

Як вянком пашаны, час іх апляце.

Вось яна — жывая, маладая змена!

Як бурліць жыцця іх шчасная вясна!

Калі ветэраны пакідаюць сцэну,

Талентамі юных зіхаціць яна.

1964


1961; 1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан