epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«У старой, маленькай беларускай хаце...»

скан

У старой, маленькай беларускай хаце,

Калі край наш ўлада царская згінала,

Хлопчыка малога спарадзіла маці,

А каго радзіла — і сама не знала.

Ласкаю журботнай атуліла сына,

Марыла аб добрай для малога долі...

Ды мадзела ў горы родная краіна,

Быццам паланянка ў горкае няволі.

Пела маці песні — думы над калыскай,

Над сынком, у кужаль беленькі спавітым,

Аб людской знямозе, аб ліхім уціску,

Аб прыгоннай долі цёмных і забітых.

Ў песнях шмат гучала горкіх скарг народных,

Аб пустых калоссях на загонах вузкіх,

Аб людзях стамлёных, босых і галодных,

Што жылі у вёсках нашых беларускіх...

 

Вязынка, дзе й досі уцалела хата,

І стаіць і сёння, як тады стаяла,—

Тут усталяваўся ў нас калгас багаты,

З іменем як песня — з іменем Купалы.

У вязынкавай хатцы наш паэт радзіўся,

Тут яму сінь неба налівала вочы,

Тут слязой дзіцячай першаю абмыўся,

З радасці дзіцячай першы раз падскочыў.

Йшоў адгэтуль долі ён шукаць на свеце,

Працаваў на пана — сумны і бяздомны...

Закіпала болем сэрца у паэце

Над жыццём народа, быццам ночка, цёмным.

 

Апаліла губы слова агнявое:

Час за зброю брацца! Час збіваць аковы!..

Паліліся словы — як прызыў да бою,

Як прызыў да бою паліліся словы...

Я — мужык, жыць буду! Боль знасіў і мукі,

Разагну вякамі согнутую спіну,

Разарву я путы, што скавалі рукі,

І зраблю свабоднай родную краіну!

Кліч паплыў шырока, як з жывой крыніцы,

Пырснула вадзіца на зямлю у спёку...

І зямля, ўздыхнуўшы, не магла напіцца

Удосталь гэтай звонкай сілы чалавека.

 

Узняў мужык той голаў, страсануў плячыма,

І ўся нечысць пылам ад яго зляцела,

Глянуў ён на сонца зорнымі вачыма —

Першы раз у жыцці — радасна і смела.

Янка пеў аб шчасці вольнае краіны,

Янка пеў аб людзях, што свабоду ўзялі...

Янка пеў — і песня Беларусі сына,

Быццам гром пабедны, калыхала далі.

Янка пеў! Як быццам усяго народа

Зліўся голас шчыры ў звонкай гэтай песні...

Так вясна шырока разлівае воды,

Гэткі звон калышуць дрэвы на узлессі.

 

Як вайны Айчыннай грозная навала

Край наш апаліла бурай і няшчасцем,

Сполахам трывогі загучаў Купала,

Клікаў ён змагацца з яраснай напасцю.

Загучалі словы: Брацця партызаны!

Вы — сыны Радзімы, вы — сыны народа,

Біце ж вы да смерці гітлерцаў паганых,

Бараніце шчасце краю і свабоду...

 

Не дажыў да светлай перамогі Янка...

Не ўбачыў новы росквіт свайго краю...

Беларусь, Радзіма, ўжо не партызанкай,

Вольнаю дзяржавай ў сонцы славы ззяе.

Маці будзе вечна помніць свайго сына,

Што аддаў ёй сілу звонкую паэта,

Каб цвіла свабодай родная краіна,

Слава яе дзеяў каб плыла над светам.

1951 г.


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.