epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

У стэпе

Над шырокім, вольным стэпам

льецца звон жаўронка кволы.

Залатога кураслепу

зоркі свецяцца наўкола.

Легкадумны, цёплы вецер

траў настоем парна дыша.

Сонца ярка-ярка свеціць,

у паветры млее ціша.

Сярод стэпу Дон шырокі

сіняй плынню ў далі льецца,

Над вадой чарот высокі

да лілеі воднай гнецца.

А лілея дрэмле ціха

на шкляной, празрыстай хвалі.

Грані белага келіха

свецяць холадам крышталю.

Напаіў лядовым сокам

сэрца кветкі Дон шырокі,

Ды здарма ты хіліш вока

да яе, чарот высокі.

Свеціцца пялёсткаў ззянне

бляскам ясным і лагодным,

Як той помнік на кургане,

мармуровы і халодны.

Гнецца дзеўча тонкім станам,

нахіляецца ракітай —

Пад насыпаным курганам

партызан ляжыць забіты.

Дзеўча гнецца да магілы,

быццам вызваць друга хоча.

Устань, дзяўчына! Спіць твой мілы,

слёз не бачыць ён дзявочых.

Хай падыме гэта сілу:

любы твой героем згінуў.

Бараніў наш край твой мілы...

Сцяг яго ўзнімі, дзяўчына!

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан