epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

У танцы

Пад звон зурны і тары гук,

У срэбным месяца сяйве,

Пад дружны ўсплёск сяброўскіх рук

Грузінка лебедзем плыве.

Сукенка белая на ёй,

Чатыры чорныя касы —

І срэбны, як туман, павой

Прыкрыў ёй лоб і валасы.

У танцы, стройная, плыве

Уся як музыка сама.

Як лёгкі ветрык на траве,

Як белы, звілісты туман.

Няўлоўны ўзвівы гібкіх рук,

Іх трапяткая цішыня...

Дзявочай радасці пару

Баіцца, скромная, прыняць.

Задумы хмарка на чале,

А вейкі — як пушысты дым

На воч праменістым святле —

Дрыжаць задорам маладым.

Танцуе — поўная жыцця,

Пад дружны ўсплёск сяброўскіх рук,

Уся — як радасць пачуцця,

Як звонкай песні чысты гук.

1952 г.


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан