epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ў твае русалчыныя вочы...»

Ў твае русалчыныя вочы

Гляджу са страхам я і болем.

Таго, чаго так сэрца хоча,

Не будзе, ведаю, ніколі.

 

Ты не свабодна. Муж і дзеці...

І ты іх любіш. Мне вядома...

А ты ж — адна... Адна — на свеце!

Я гора не хачу нікому.

 

Я не сказаў табе ні слова,

Які агонь мне паліць грудзі,

Што нават холад твой лядовы

Таго пажару не астудзіць.

 

Я не імкнуся ні на хвілю

Табе на сэрца ценем пасці.

Ўдваіх, баюся, не асілім

Сапхнуць у пропасць наша шчасце.

 

Ў твае русалчыныя вочы,

У твар, спакойны і шчаслівы,

Я глянуў раз... І зрок не хоча

Расстацца з непаўторным дзівам.

 

Ты ў маіх думках, маім сэрцы,

Ў маіх жаданнях, снах і марах...

Сцяжынка торная віецца.

А ты на ёй... з другім у пары.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан