epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«У вырай далёкі лятуць жураўлі...»

У вырай далёкі лятуць жураўлі

Ад любай, утульнай бацькоўскай зямлі,

Лятуць, а за імі спяшаюць мяцелі,

А то б на чужыну яны не ляцелі...

 

Ты чуеш тужлівы, падвоблачны крык,

Важак да далёкіх палётаў прывык,

Вядзе ён трыкутнік увесь за сабою,

Напоўніўшы даль развітальнай журбою.

 

Схаваліся жабы — ніводнай няма,

Вужак гэтаксама схавае зіма.

Куды ні павернешся — некуды дзецца.

А то б не ляцелі нікуды, здаецца.

 

Лятуць... А я ціха на ўзбоччы стаю —

І думаю сумную думку маю:

Вось так жа і мне вылятаць давялося,

Калі ў родным краі нам цяжка жылося.

 

Як сэрца балела! Як плакала я!

Была нас вялікая ў бацькі сям’я,

І часта мы, дзеці, сядзелі без хлеба,

Гняздо нам, як птушкам, кідаць было трэба...

 

Мінула пара — зарунела вясна,

Снягі і ільды растапіла яна.

І гоман птушыны калыша узлессі —

Вяртаецца вырай і я — звонкай песняй.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан