epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Уладзіслава Францаўна Луцэвіч

Глыбокая і сардэчная дружба з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч, з маёй дарагой Уладкай, пачалася даўно — з дзён майго дзяцінства. Гэта было ў 1910 годзе. У мястэчку Вішнева жыла маці Уладкі — Эмілія Станкевіч. Маленькі чысценькі домік, каля яго садок і некалькі градак, а ў доме — прыгожая, сталая жанчына з пасівелымі валасамі, заплеценымі ў тоўстыя даўгія косы, укладзеныя ў цяжкі пук, які, здавалася, адцягваў назад яе маленькую, зграбную галоўку. Вялікія, уважлівыя вочы яе памятаю і цяпер. Яна была маёй настаўніцай, кіраўніком і другам. Заняткам са мной яна аддавала шмат часу і энергіі. Яна кіравала маёй самаадукацыяй, выбіраючы мне кнігі для чытання. Яна вяла са мной доўгія і цікавыя размовы, адкрываючы мне вочы на многія сацыяльныя з’явы. Усё гэта мне вельмі дапамагала ў жыцці, і я сёння з глыбокай любоўю і ўдзячнасцю ўспамінаю маю лагодную і строгую, добрую і патрабавальную настаўніцу — Эмілію Станкевіч, маці Уладкі.

Уладка тады ўжо працавала ў Вільні, у дзіцячым прытулку, і рэдка прыязджала да маці ў Вішнева. Але аднойчы, вясной, прыйшоўшы як заўсёды на заняткі да маёй настаўніцы, я ўбачыла ў садку, пад расцвіўшымі яблынямі прыгожую маладую дзяўчыну ў доўгай цёмнай сукенцы, з іскрыстымі блакітнымі вачамі, з ясным ружовым тварам, з доўгімі, амаль да кален, пышнымі, залатымі косамі. Ой, і прыгожай была тады Уладка! Добра пасавала тады яе краса да гэтых расцвіўшых яблынь, якія развесілі над ёй свае галінкі ў тую памятную мне раніцу. Яна была спакойная, простая і нейкая незвычайна чулая. Я не помню, каб мне калі ў жыцці было з кім так лёгка і добра з першай мінуты знаёмства, як з ёю. Мы адразу загаварылі так, быццам былі знаёмы даўно. Дапамагло і тое, што маці Уладкі шмат расказвала мне пра яе і пісала ёй пра мяне. Галоўным жа была яе выключная абаяльнасць.

Праз некалькі год у пошуках працы я з маці паехала ў Вільню. Адну ноч мы пераначавалі ў незнаёмай жанчыны, якая ехала разам з намі дамоў у Вільню. Помню цесны задушны пакойчык у паўпадвале, дваіх малых дзяцей і старую маці гаспадыні. У ім стаяў своеасаблівы пах затхласці і беднасці. Мы былі там лішнімі, але гаспадыня старалася зрабіць усё, каб нам было добра. На наступны дзень, ходзячы ў пошуках працы па Вільні, мы на вуліцы зусім выпадкова спаткалі Уладку. Даведаўшыся пра мае справы, яна адразу сказала, каб я перабіралася да яе. Яна жыла ў асобным невялікім пакойчыку, дзе можна было паставіць толькі адзін ложак, але мы памясціліся. Грошай у мяне не было амаль зусім, і Уладка, дзелячыся са мной жыллём, дзялілася і апошнім кавалкам хлеба. Пры яе дапамозе мне ўдалося ўладкавацца на работу ў той жа прытулак, дзе працавала яна.

Нашага заработку ледзь хапала на ежу, а нам жа трэба было і апрануцца. Мы былі маладыя дзяўчаты. Эканомілі на хлебе, каб купіць якую сукенку ці туфлі. Уладцы часам прысылала сукенкі яе замужняя сястра Марыя Францаўна. Тады мы абедзве апраналіся ў новыя сукенкі і хадзілі на вечарынкі, дзе Уладка стала карыстацца вялікім поспехам у віленскай моладзі.

А на рабоце мы ўвесь час адчувалі подых нейкай цёмнай сілы, што наглядала за намі ў вобразе паліцэйскіх. Яны наведвалі нас, прыглядаліся, прынюхваліся, а Уладка заводзіла з імі дыпламатычныя размовы. Справа ў тым, што мы з дзецьмі вучылі беларускія вершы і песні, якія тады забараняліся. Нам дапамагалі сябры. У нас была моцная сувязь з рэдакцыяй «Нашай нівы», дзе тады працаваў Купала, Бядуля і куды, вядома, вельмі часта прыходзіла Цётка. Гэта было асяроддзе, дзе мы адчувалі сябе добра. Нас вельмі сардэчна сустракалі, і мы прымалі жывы ўдзел ва ўсіх справах рэдакцыі. Мы былі своеасаблівым актывам пры рэдакцыі, і ўсе справы «Нашай нівы» нас жыва цікавілі.

У прыюце мы з Уладкай працавалі з захапленнем, бо вельмі любілі дзяцей. Я пісала шмат вершаў. Першым суддзёй заўсёды была Уладка. Яна была звычайна і першым рэдактарам і крытыкам.

Праз год мяне накіравалі настаўніцай у вёску Чаўшклі непадалёку ад Вільні. Уладна прыязджала да мяне і дапамагала мне наладзіць працу сярод сталых сялян і дзяцей. Яна была маім кіраўніком, шчырым другам, які дапамагаў мне ў працы і ў жыцці. Я тады і падумаць не магла, як бы я існавала, не адчуваючы яе апякунства.

І ўсё ж нам прыйшлося расстацца на доўгі час. Ішла першая сусветная вайна. Уладка і Купала апынуліся ў Маскве. Я загадвала беларускай кнігарняй у Полацку. Уладка пісала мне часта. У адным са сваіх лістоў яна паведамляла, што збіраецца замуж за Купалу. Я вельмі паважала Купалу, але мне здавалася, што я страчу сяброўку, што яна не будзе ўжо так адносіцца да мяне, як раней, калі выйдзе замуж. Аднак наступнае пісьмо я ўжо атрымала ад Уладзіславы Луцэвіч. Уладка стала жонкай Купалы. Яна мне пісала, што вельмі шчаслівая, што Янка шчыры і чалавечны, што ім добра разам.

Праз нейкі час выйшла замуж і я. Але наша дружба з Уладкай вытрымала і гэта выпрабаванне. Яна пісала мне так жа часта. І да апошніх дзён яе жыцця, калі я затрымлівалася з адказам на яе пісьмо, ішла ад яе тэлеграма: «Чаму не пішаш? Што здарылася? Непакоюся, Уладка». Так арганічна была яна звязана са мной, што павінна была ведаць, як і чым я жыву, над чым працую, аб чым думаю. З цеплынёй і радасцю я адчувала, што яна глядзіць на мяне як на сваё тварэнне, што ганарыцца маімі ўдачамі і перажывае маё гора, як сваё.

Праз некаторы час мы сустрэліся ў Полацку, куды Купала прыехаў у час першай сусветнай вайны і дзе ён працаваў у нейкай паўваеннай установе. Уладка прымала мяне на ўскраіне горада ў доміку, дзе яны жылі з Купалам. Вясёлая, шчаслівая Уладка выглядала яшчэ прыгажэйшай. Мы ўсе зноў часта бачыліся. Яны марылі пераехаць у Мінск, а я павінна была ехаць у Маскву, дзе ў Пятроўска-Разумоўскай Акадэміі вучыўся тады мой муж Віталій Адольфавіч Калечыц. Купала вельмі палюбіў Віталія, і на адной яго кніжцы ёсць такі надпіс: «Дарагой Костцы на памяць аб яе слаўным мужу». Гэтая кніжка павінна знаходзіцца ў фондах музея. Купала і Уладка часта прыязджалі да нас у Маскву. Купала заўсёды прывозіў мне ўсе свае новыя кніжкі і дарыў з лагоднымі і жартаўлівымі прысвячэннямі. Многія Уладка ўзяла для музея, многае згубілася пры пераездах.

І вось 1941 год. Янка і Уладка ў Маскве, бежанцамі з Беларусі. Яны ехалі на ўласнай машыне, а ззаду палыхала крывавае зарыва, Мінск гарэў пад бамбёжкамі ворага, і ў першы ж дзень вайны агонь знішчыў дом паэта. Цяжка было Купалу пакідаць Радзіму. Уладка ўсю сілу сваёй вялікай душы аддавала на тое, каб падбадзёрыць і супакоіць мужа. Яны спыніліся ў рускага мастака Елісеева, але сустракаліся мы амаль штодзень. Уладка заўсёды званіла мне на работу, і мы дамаўляліся, хто да каго прыйдзе. Уладка прымала ўдзел у рабоце МПВО, штодзень дзяжурыла па дому за сябе, за Янку і за іншых. Яе кіпучая натура шукала працы; ёй цяжка было сядзець бясчынна.

А фашысты рваліся к Маскве, бамбёжкі амаль не спыняліся, і Купала выехаў пад Казань. Зноў на сваёй машыне адправіліся яны з Масквы ў далёкае падарожжа. Уладка пісала мне ў той час, што жывецца ім нядрэнна, толькі Янку ўсё няможацца. Урэшце адагналі ворага ад Масквы, бамбёжкі сталі рэдкімі, а потым спыніліся зусім. І я атрымала пісьмо ад Уладкі, у якім яна паведамляла, што Купала выехаў у Маскву, каб звярнуцца за парадай да маскоўскіх урачоў. Уладка прасіла, каб я наведала Янку ў гасцініцы «Масква» і дапамагла яму, у чым будзе патрэба. На канверце рукой Купалы быў напісаны нумар гасцінічнага пакоя, дзе ён спыніцца. І вось у нядзелю я сабралася ісці да яго. А радыё прынесла трагічную вестку аб нечаканай смерці Янкі Купалы. Я цяжка пасля гэтага захварэла. Уладка доўга не магла дабрацца да Масквы, з-за дрэннага надвор’я не ляталі самалёты. А калі нарэшце прыехала, жах ахапіў мяне. Я не пазнала Уладку. Яна неяк уся ўчарнела, быццам апаленая сонцам. Трымалася мужна, як заўсёды, але гора сушыла яе. Яна жыла ў мяне. Дома было холадна, не было электрычнасці, на пятым паверсе не было вады. Я працавала, Уладка ездзіла па справах помніка Купалу. Яна адразу пачала збіраць матэрыялы аб Янку, пісьмы яго, фатаграфіі, кнігі. Але гора не ходзіць адно: сама Уладка цяжка захварэла запаленнем лёгкіх. Яе забралі ў бальніцу, хаця ехаць ёй туды вельмі не хацелася. «Не аддавай мяне з дому»,— прасіла яна. А як я магла гэта зрабіць, калі над ложкам хворай ляжаў шэрань.

Пасля выздараўлення Уладка асталявалася ў гасцініцы, я штодзень бегала да яе грэцца. У гасцініцы жыло шмат нашых беларусаў. Уладка была ў сваім асяроддзі, і гэта падтрымлівала яе маральна.

Нарэшце прыйшла вестка, што немцаў выгналі з Мінска, гоняць іх з прастораў нашай роднай зямлі. Усе нашы збіраліся вяртацца дадому. Наступіў дзень, выехала ў Мінск і Уладка. Я праводзіла яе на Беларускі вакзал. У мяне была работа, сын, дом, я не магла выехаць з ёю ў Мінск. І як жа мне было горка і балюча заставацца ў Маскве. Я вельмі зайздросціла ўсім нашым пісьменнікам.

Хутка я атрымала ад Уладкі пісьмо. Яна стала ўжо дырэктарам музея Янкі Купалы і ўсю сваю вялікую энергію, увесь жар свайго сэрца, душу ўклала ў працу, стараючыся данесці вобраз вялікага паэта Беларусі да далёкіх нашчадкаў. Яна ездзіла па гарадах і рэспубліках Саюза, збіраючы матэрыялы для музея. Архіў Янкі Купалы згарэў у пажары вайны.

Уладка ўжо жыла ў доме, які будаваўся для сям’і Купалы. У яе быў маленькі садок. Калі расцвіталі язмін, бэз, а восенню вяргіні, людзі спыняліся ля яе двара, каб пацешыць вока красой буйнага квітнення.

Цёця Маня, сястра Купалы, узяла на сябе складаны абавязак весці ўсю гаспадарку Уладкі. За вялікім сталом гэтага дома ўсім, каго клікалі і хто заходзіў сам, заўсёды хапала і яды і месца. І Уладка і цёця Маня гасцінна і сардэчна прымалі людзей.

І я часта карысталася гэтай гасціннасцю. Калі б па справах ці ў госці я ні прыязджала ў Мінск, мяне заўсёды на вакзале сустракала Уладка і везла да сябе. Там мяне ўжо чакала страва, якую я больш за ўсё любіла, мяккая пасцель, цяпло і ласка. Я адчувала сябе дома. Бывала, ужо і засну, а Уладка ўсё падыходзіць да мяне, то цукерку пакладзе на столік, то яблык, то проста коўдру паправіць, каб было мне цёпла і ўтульна ў яе. Гэтым яна напамінала мне маці. І была мне яна ўсім — і маці, і сястрой, і сяброўкай найлепшай у жыцці. Прыязджаючы ў Маскву, яна таксама спынялася ў мяне. І я ад усяго сэрца старалася аддзячыць ёй такім жа шчырым цяплом і клопатам аб ёй.

А са здароўем Уладкі было ўсё горш. Яна часта скардзілася на адзіноту. Пісала мне, што трымаецца ў жыцці толькі працай. Ніхто і нішто не магло замяніць ёй Янку.

— Асабістага жыцця ў мяне няма,— жалілася мне Уладка.— Пачуццё адзіноты гняце непераносна. Людзі прыходзяць, добрыя яны, але кожны жыве сваімі справамі, і я наогул нікому не патрэбна.

Гэта была няпраўда. Сябры любілі і паважалі Уладку. Яе праца была высока ацэнена. Яна мела ўжо некалькі ўрадавых узнагарод: два ордэны «Знак Пашаны», медалі, граматы.

Пад музей Купалы будаваўся новы дом. Уладка ніяк не магла дачакацца канца пабудовы. Колькі выносных планаў складала яна аб размяшчэнні экспазіцыі музея ў новым доме, як марыла працаваць там. Калі я прыязджала, вазіла і мяне на будову. Яна ў гэты час была ўжо вельмі хворая. Адмаўляла сэрца, пухлі ногі. Але аб сабе яна не думала і не гаварыла. Вельмі стрымана і спакойна судзіла аб стане свайго здароўя і надзвычайна проста і мужна аб хуткім канцы.

Мусіць, таму, што горача, з натхненнем працавала ў музеі Уладка, ён так глыбока і шчыра хвалюе людзей. Не па-казённаму холадна, а неяк светла і лагодна абступаюць тут цябе ўспаміны, думы, яднаюць з пачуццямі і настроямі паэта, глыбока кранаюць душу і напаўняюць яе гукамі цудоўных вершаў Купалы.

Уладка напісала мне, што беларускі ўрад прысвоіў ёй званне «Заслужаны дзеяч культуры». «Дарагая Костка! — пісала яна.— Я атрымала вельмі шмат павіншаванняў ад сяброў, знаёмых і зусім незнаёмых людзей, ад устаноў. Я страшэнна хачу, каб ты прыехала да мяне, як толькі я пераеду на новую кватэру». І вось я паехала на пленум Саюза пісьменнікаў у Мінск. Першы раз за ўсё жыццё на вакзале сустрэла мяне не Уладка. Яна ляжала зусім хворая. Каб не турбаваць яе, я адвезла чамадан у гасцініцу, а толькі потым паехала да Уладкі. Як жа змянілася яна! «Ты бачыш мяне апошні раз,— спакойна сказала яна.— Я ўжо хачу памерці, цяжка жыць такой бездапаможнай. Ляжаць не магу, дом пад музей амаль гатовы, уяўляеш, колькі працы будзе з размяшчэннем у новым памяшканні, з распрацоўкай новай экспазіцыі».

Яна думала толькі аб рабоце. Штодзень падымалася з ложка і ехала ў музей. На пленуме ёй цяжка было сядзець, і яна пад’язджала к дому, дзе праходзілі пасяджэнні, сядзела ў машыне ля варот. Да яе падыходзілі пісьменнікі, шчыра паціскалі руку, гаварылі цёплыя словы. Кожны дзень я прыходзіла да Уладкі абедаць, сядзела ў яе да позняга вечара, а яна дзялілася са мной надзеямі і планамі, якіх магло хапіць яшчэ не на адно жыццё. Пленум закончыўся, я ўжо купіла білет у Маскву. І апошні раз абедала ў сяброўкі. Яна сама рабіла ў гэты дзень кілбасы, каб добра пачаставаць мяне на развітанне. Аб гэтым сказала мне цёця Маня. І калі я стала горка выгаворваць ёй за гэта, яна з балючым дакорам глянула мне ў вочы:

«А ты думаеш, весела ляжаць цэлы дзень у ложку і чакаць немаведама чаго».

Вечарам, як заўсёды, я і Марыя Канстанцінаўна, таксама наш друг, сядзелі ў яе позна. Уладка ляжала такая радасная, успамінала дзяцінства, расказвала пра ўсякія выпадкі з нашага супольнага жыцця, смяялася... А на другі дзень раніцой, калі я пазваніла ёй, трубку ўзяла цёця Маня. «Прыязджайце хутчэй,— сказала яна,— Уладзі надта дрэнна». Без памяці я кінулася да іх. Каля хворай былі ўрач і сястра. Мы адвезлі яе ў бальніцу, а яшчэ праз некалькі гадзін Уладкі не стала.

Так я страціла вялікага і сардэчнага друга, з якім у шчасці і горы ішла поплеч праз усё жыццё, з якім дзялілася кожнай думкай і ўсімі справамі, без якога не ведала, як магла б жыць. Боль горкага сіроцтва пранізвае мяне і цяпер, калі я пішу гэтыя радкі.

1961 г.


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан