epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ураджай

Дарожка вузкая сярод палёў,

Над ёй абапал навісае жыта.

Іду паміж прыгнутых каласоў,

Любуюся багаццем і блакітам.

Не расхінуць густых, як лес, сцяблін

І каласоў, што шум нясуць высока,—

Ускормленых цяплом маёй зямлі,

Напоеных яе жыццёвым сокам.

Калышацца багаты ураджай,—

Такіх дагэтуль тут і не вялося!

Пушынкі залацістыя дрыжаць,

Квітнення пыл зухлівы вецер носіць.

Плыве той пыл, як раніцай туман,

Над полем вольным, над калгасным жытам.

Хвалюецца жытнёвы акіян,

Праменнямі вясновымі заліты.

1952 г.


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан