epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Успамін

Я ў парк прыйшла, дзе кожны год вясною

Аж стогн стаіць ад салаўінай трэлі,

Дзе першы раз спаткаўся ты са мною,

Дзе мы так часта ў засені сядзелі...

 

Тут давяраліся мы светлым думам,

Тут шмат гучала непаўторных слоў...

І вось — адна прыйшла сюды я зноў,

І сэрца сціснута балючым сумам.

 

Мой шызы сокал, горды мой арол!

Цябе вайна ад родных адарвала —

Ў наддонскім стэпе спаць навек паклала,

Дзе сіняй хваляй льецца ціхі Дон...

 

Любімы мой! Калі сягоння шчасце

Лунае ў вокнах радаснай Масквы,—

Мы помнім вечна: край наш ад напасці

На ўсіх франтах абаранялі вы!

 

Хачу я апусціцца на калені,

Прыціснуць губы да сырой зямлі,

Дзе вы навекі спачываць ляглі,

Адзеўшы свет у вечны бляск вясенні.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан