epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Успамінаючы навалу

Дзе Дон каціўся хваляю сцюдзёнай,

А дым зямлю адзеў у чорны крэп,

Ішоў з брыгадай ты праз стэп

Да берагоў высокіх Дона.

Пад ветрамі хісталася пшаніца,

Густая і высокая, як лес,

Накрыў брыгаду залаты навес,

З якога зерне пачынала ліцца.

Сігнал атакі. Ўспыхнулі ракеты.

Ад грому-гулу скалыхнуўся дол.

Агні «кацюш» у дыме-громе гэтым

Маланкамі паблісквалі наўкол.

Цяжкія танкі паплылі наўмітась,

Ланцуг пяхота пацягнула ўшыр.

І — раптам стрэл.

Пярэдні танк падбіты,

І ранены смяртэльна камандзір...

Машын фашысцкіх чорныя шкілеты

Дыміліся на ўскраіне сяла...

Быў скончан бой.

У цішыні палеткаў

К табе, любімы, перамога йшла.

Аддаць салют апошні, развітальны

Прыйшлі танкісты і пасталі ў рад.

А ты ляжаў у цішыні світальнай,

Іх камандзір, зямлі сваёй салдат.

І толькі я, свае сабраўшы сілы,

Тады к табе схіліцца не магла,

І на пясок сыпучае магілы

Пшаніца слёзы светлыя ліла...

І ў Дзень танкіста, калі ўспых ракетаў

Пад гром салютаў апраменіць ноч,

Здаецца мне, што я ізноў сагрэта

Праменным ззяннем незабыўных воч.

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.