epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Успыхнула дума

Ноч. Месяц. І рэчка блішчыць серабром,

Нібы апранута кальчугай,

Падсвечвае месяц хваль дробных надлом,

Кідаючы млечныя смугі.

А рэчка упарта плыве і плыве,

Нішто ёй падсветы і змрокі...

Успыхнула дума ў маёй галаве

І ў свет мяне кліча далёкі.

Дзе новае ўсё і дзе подзвігу рад,

Ўсміхаецца твар навасёла,

Хто ў наступ на пусташ ішоў, як салдат,

І цешыцца плёнам вясёлым.

Хачу я убачыць, як людзі жывуць,

Як цуды ствараюць і дзівы...

Ноч. Хвалі рачулкі гамоняць, плывуць

З-пад вадаспадаў шчаслівых.

1972 г.


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан