epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Увосень

Смутны ты, вобраз роднай краіны,

гэтай парой:

Густа накрыты лагі і даліны

дробнай імглой,

Носяцца хмары па небе бясконца,

дожджык пыліць,

Вецер галінамі яблынь ў ваконца

сумна стучыць.

Выйдзеш у поле — сумна наўкола,

толькі парой

Галкі садзяцца ў рады невясёла

дзесь над раллёй.

Крыллі лапочуць і голас пануры

ў вушы ляціць,

Мусіць, вяселле ці то хаўтуры

сталі рабіць?

Вось апавіты стаіць пад гарой

лес глухатой

І ў раздум’і трасе галавой,

лысай, сівой,

Лістом пажоўклым курчавай вяршыні

ўсё шапаціць

І ці пракляццем, ці то малітвай

падчас шуміць.

Мыюцца сцішна над рэчкай вярбіны

мутнай слязой.

Смутны ты, вобраз роднага краю,

гэтай парой.

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан