epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ваал! Я ўсё ужо спаліла на алтары...»

Ваал! Я ўсё ужо спаліла на алтары...

Глядзі: высокаю узносіцца гарой

Мой попел — і няма ўжо больш ў мяне ахвяры,—

Дык не гудзі ты там пракляццем нада мной,

Бо ўсё, што мела, я спаліла на алтары...

 

Ахвярнік мой агонь меў вельмі загарачы:

Чуць што я клала там — згарала ўміг датла,

А я... я ўсё нясла — я не магла іначай —

Усю душу маю я па куску нясла.

А ён усё спаліў... бо вельмі быў гарачы...

 

Глядзі: у попеле агеньчык ледзь-ледзь тлее...

Во — згас! Не! Зноў бліснуў залочаным рубцом

(То дапаляецца астатняя надзея):

Што зоймецца ізноў гарачым ён агнём

І новая на ім ахвяра ўспламянее...

 

Ваал! Надзея йшчэ тліць на маім алтары,

Пад попелу ужо застыўшаю гурбой,

І хоць сягоння я не маю ўжо ахвяры,

Ты не гудзі сваім пракляццем нада мной,

Бо йшчэ надзея тліць іскрою на алтары.

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан