epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Вялікая дружба

Я з Купалам яшчэ не была знаёма, калі ў № 36 «Нашай нівы» за 1910 год ён прысвяціў мне свой цудоўны верш «Мая думка».

Дзяўчынкай гадоў чатырнаццаці, прыехаўшы ў Вільню, я першы раз зайшла ў рэдакцыю «Нашай нівы». Вельмі ветліва сустрэлі мяне там Янка Купала, Цётка, Бядуля, Цішка Гартны. Спатканне было надзвычай цёплым і сардэчным.

У рэдакцыі, над сталом Янкі Купалы, была шырокая паліца з квадратнымі гнёздамі, у якіх, кожная паасобна, ляжалі папкі з рукапісамі вершаў розных аўтараў. Была там і мая папка. Мне паказалі папку Купалы. У ёй, на самым версе, ляжала эпіграма М. Багдановіча па Купалу. Багдановіч прыязджаў у Вільню за некалькі дзён да мяне. Купалы ў Вільні на той час не было, і Багдановіч паклаў у яго папку свой сяброўскі экспромт.

 

Я купала — не малое,

Ды благое, наравістае дзіця,

Трэба, каб яго давесці

                            да пуцця,

Паліваць часцей халоднаю

                            вадою.

 

М. Багдановіч, пісаўшы эпіграму, не быў знаёмы з Янкам Купалам. Эпіграма не мела выразнага адрасу Купалу, яна выражала скаргу маці, якая купала благое наравістае дзіця. І слова «купала» было напісана з малой літары.

Мы вельмі смяяліся з такога трапнага жарту. У гэты час нехта ззаду, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Я падняла вочы на даволі высокага, сталага хлопца з хударлявым тварам і праніклівымі, глыбокімі сінімі вачыма. Ён уважліва глядзеў на мяне, быццам вывучаючы. «Ты, мусіць, Буйлянка,— сказаў ён.— Ну, а я — Купала, дык давай знаёміцца». І ён пацалаваў мяне. Гэта было так не падобна на ўсё тое, да чаго я прывыкла, але разам з тым усё было зроблена з такой урачыстай сардэчнасцю, што я нават не здзівілася.

Янка быў нейкі стрыманы і маўклівы. Я прыкмеціла, што ўсе ў рэдакцыі адносяцца да яго з выключнай цеплынёй і пашанай. Гэта яшчэ больш напоўніла мяне павагай да любімага паэта. Вечарам высветлілася, што ўсе мае знаёмыя выехалі на дачу, і мне няма дзе начаваць. Купала прапанаваў мне пераначаваць у рэдакцыі. Гэта было не зусім зручна, але выбару ў мяне не было, і я вымушана была згадзіцца.

На другім паверсе, у кабінеце рэдактара, была шырокая, мяккая канапа, вялікі дубовы стол з мармуровым пісьмовым прыборам, засланы зялёным сукном. На стале стаяла вялікая, прыгожая лямпа. Купала прынёс бутэльку лёгкага салодкага віна і яблыкаў. Мы селі на канапе, і я папрасіла яго прачытаць вершы, якія перад тым бачыла ў яго папцы. «Не,— сказаў Купала,— я прачытаю табе маю п’есу «Паўлінка». Я з радасцю згадзілася. Мне вельмі хацелася пачуць твор Купалы ў яго выкананні. Ён прынёс вялікі рукапісны сшытак, прысунуў бліжэй лямпу і пачаў чытаць.

Мне здавалася, што гэта казка. Купала, якога я ведала даўно па яго творах, пад уплывам якога пачала сама пісаць вершы, сядзеў побач і чытаў мне п’есу, якую яшчэ нават не надрукавалі. Я бачыла шматлікія праўкі на рукапісе. П’еса мне вельмі спадабалася.

Купала доўга чытаў сам, а потым, змарыўшыся, перадаў сшытак мне. «Цяпер пачытай ты крышачку, а я адпачну».

Я пачала чытаць і так увайшла ў ролі герояў, што спрабавала нават іграць іх, змяняючы голас і міміку твару. Янка, задаволены, слухаў. «А ты добра чытаеш»,— сказаў ён.

Мне вельмі падабалася жывая, разумная Паўлінка, і я выказала Янку сваё захапленне ёю. Ён мне сказаў, што ёсць у Вільні такая дзяўчына і завуць яе таксама Паўлінка і з яе ён узяў тып Паўлінкі для сваёй п’есы.

Я дачытала п’есу. Няўмелыя, але гарачыя словы маёй пахвалы выклікалі ўсмешку.

— Ты, мусіць, не ведаеш таго асяроддзя, пра якое я пішу. Гэта вясковыя шляхцюкі — вельмі адсталыя і разам з тым да дурасці ганарыстыя, праслойка «лапця і бота» ў вёсцы. Я рада, што п’еса табе спадабалася. Яе скора будуць ставіць. Паглядзім, якой яна будзе на сцэне.

Потым, калі мы вучыліся на настаўніцкіх курсах у Вільні, я жыла разам з Уладзіславай Францаўнай. Мы часта сустракаліся з Янкам Купалам. Ён бываў у нас, і мы прыходзілі часта ў «Нашу ніву», дзе працавалі Купала і Бядуля. Я пісала тады шмат вершаў, і вельмі часта з’яўляліся яны на старонках «Нашай нівы» і ўсюды, дзе друкаваліся творы беларускіх аўтараў. У адным са сваіх артыкулаў аб беларускай літаратуры Янка Купала адзначыў, што некаторых аўтараў яму амаль не прыходзілася правіць зусім. Між імі значыцца і маё прозвішча. Ды гэта відаць і па «Курганнай кветцы», якую ён рэдагаваў. Вершы ў кнігу Купала падбіраў сам і працаваў над ёй з вялікім замілаваннем, як над сваёй.

За той час, пакуль кніжка выходзіла з друку, я атрымала ад яго шмат пісьмаў, у якіх ён паведамляў мне, як ідуць выдавецкія справы, раіўся па справах выдання і выказваў свае думкі аб вершах, якія ўвогуле яму падабаліся. Вядома, не ўсе. Ён казаў: «Прышлеш сшытак вершаў, пераглядаю іх з цікавасцю, бо сярод звычайных, больш-менш харошых вершаў, часам блісне такі сапраўдны алмаз, што прыемна робіцца на душы». Я не зусім верыла гэтым словам, адносячы іх да жадання вялікага майстра слова падтрымаць у маладога аўтара веру ў сябе, каб дапамагчы яму працаваць далей. І такія адносіны яго вельмі памаглі мне, ды, відаць, і не толькі мне.

Я памятаю, як горача цешыліся мы з кожнай творчай удачы сяброў-пісьменнікаў, як шчыра цікавіліся іхнімі творамі. На памяць прыходзіць такі выпадак. У рэдакцыі за сталом сядзіць Купала і праглядае рукапісы. Бядуля чытае ўрывак са сваіх імпрэсій. «Не бяжы за кветкай сіненькай, што расце на дрыгве...» — хвалюючыся, дэкламуе Змітрок. Я — уся ўвага. Прыгожыя, маркотныя вобразы, надзвычай паэтычная мова ў майстэрскай чытцы Бядулі хвалююць мяне да слёз. Я горача паціскаю яму руку і з захапленнем пытаю: «Слухай, Змітрок, што адчуваў ты, калі пісаў гэтыя цудоўныя абразкі?» Але чулая душа Бядулі ўжо схавала свае рожкі ў шкарлупку, і ён гарэзліва адказвае; «А ў мяне тады балеў жывот!» Гэта ашаламляе мяне. Янка сардэчна смяецца, гледзячы на нас, а Бядуля тут жа садзіцца пісаць прысвячэнне мне на тытульным лісце сваіх «Абразкоў» — кніжкі, у якой змешчаны яго цудоўныя імпрэсіі. Перадаю гэты надпіс па памяці, бо ні кніжка, ні надпіс на ёй не захаваліся.

«Задумаў бог стварыць беларускіх пісьменнікаў К. Буйлу і 3. Бядулю. Дзеля гэтага ўзяў ён жменьку зямлі, трошкі крыві звярынай, пасмачку сонечных праменняў і частку свайго вялікага духу. Але, здурнеўшы ад старасці, бог не змяшаў усёй гэтай субстанцыі разам і стварыў К. Буйлу толькі з праменьчыкаў сонца і свайго вялікага духу, а З. Бядулю — толькі з зямлі і крыві звярынай. Паглядзеў бог на гэтых цацак і пачухаў патыліцу. «Разам густа, разам пуста»,— мармытаў ён нездаволены і не ведаў, што рабіць. Ён са злосцю штурхануў К. Буйлу. Тая, будучы вельмі лёгкай, адскочыла ўбок, замахала рукамі і замалола языком. Такой яна засталася і па сённяшні дзень. Штурхануў бог і Бядулю, ды так, што ў таго ажно вочы палезлі на лоб і ад крыўды надуліся губы. Такім ён і застаўся назаўсёды. Паклікаў бог анёлаў на раду: «Што рабіць з гэтымі няўдалымі творамі?» «Трэба іх пажаніць,— раілі анёлы,— тады ўсё перамяшаецца і добра будзе». Бог калупаўся ў барадзе, не ведаючы, што рабіць, а чэрці лопаліся ад смеху».

З такім жартаўлівым прысвячэннем ахвяраваў мне свае «Абразкі» Бядуля. Іван Дамінікавіч таксама даваў мне свае кніжкі з прысвячэннем. Усе яны цяпер у музеі Купалы.

Высылаючы аўтарскія экземпляры «Курганнай кветкі», Купала пісаў мне: «Пасылаю табе кніжкі, зрабіў — як умеў. Дрэнная папера, але лепшай не маглі зараз дастаць». Удзячнасць мая была бязмернай. Я напісала яму вялікі ліст, у якім выказвала мае гарачыя пачуцці, і паслала кніжку з сардэчным надпісам. Потым, працуючы загадчыцай беларускай кнігарні ў Полацку, я зноў спаткалася з Купалам, які там працаваў у якойсьці паўваеннай установе. Купала быў ужо жанаты з маёй сардэчнай сяброўкай — Уладкай. Жылі яны дзесьці за горадам, у маленькім драўляным доміку, што стаяў у зацішку ў садзе. Уладзя гасцінна прымала мяне ў сваёй хаце. Купалы не было дома — яшчэ не вярнуўся з работы. Мы сядзелі ў садку, дзе было шмат спелых вішань і чырвоных парэчак, якія я страшэнна любіла і якімі частавала мяне гаспадыня так, як толькі яна ўмела частаваць сваіх гасцей. Яна мне расказвала, як яны, сустрэўшыся ў Маскве з Янкам, раптам адчулі вялікую блізкасць адно да другога, як Янка атуліў яе, адзінокую на чужыне, падмогай і апекай, і як, урэшце, яны вырашылі ажаніцца. «Я ніколі не пашкадую, што так здарылася»,— сказала яна мне тады, як бы заглядаючы ў будучае. А шкадаваць яшчэ і часу не было: яны былі жанатымі не больш як год.

Янка шмат перажыў цяжкога. Чалавек вялікай чулай душы, чэсны і праўдзівы ад прыроды, ён не мог проста і абыякава адносіцца шмат да чаго. Часамі лёс абыходзіўся з ім нялітасціва, і заўсёды сапраўдным другам і апорай была яму Уладзіслава Францаўна — яго верная і шчырая сяброўка.

Заўсёды прыязджаючы ў Маскву, Янка і Уладзя бывалі ў мяне. Нас яднала вялікая дружба. Купала, заходзячы да мяне на работу і бачачы, як я падпісваю афіцыйныя пісьмы, любіў жартаваць: «Вось падпісваеш тут шпаргалкі, а калісьці будуць шукаць гэтыя подпісы, фатаграфаваць іх і пісаць артыкулы аб тым, што тут сядзела, працавала, падпісвала розныя паперкі Канстанцыя Буйло». Мы абое смяяліся.

Быў ён неяк у мяне з Чаротам, які чытаў сваю паэму «Босыя на вогнішчы». «Вось паэт, па тэмпераменту зусім падобны да цябе, толькі ён не лунае ў прасторы, як ты, а жыве на зямлі і піша аб ёй. Паспрабуй і ты гэтак, у цябе можа атрымацца вельмі добра»,— казаў мне Купала.

Перад самай вайной у нейкай ленінградскай, калі не памыляюся, газеце быў надрукаваны артыкул крытыка Ляндрэса пад загалоўкам «Забытая паэтэса». Аўтар артыкула вельмі цёпла адгукваўся аб маёй творчасці і выказаў пажаданне, каб Дзяржаўнае выдавецтва БССР ажыццявіла выданне зборніка маіх вершаў. Купала прыслаў мне гэты артыкул з настойлівай просьбай як мага хутчэй сабраць усё, што ў мяне ёсць, і прыслаць яму. Я адразу прыступіла да гэтай работы. Перапісаўшы шмат вершаў, адаслала іх Купалу. Уладзіслава Францаўна пісала мне, што яна патраціла шмат часу, перадрукоўваючы гэтыя вершы. Але зборніку не давялося ўбачыць свет: ён згарэў у пажары ў Мінску.

Уладзіслава і Янка на ўласнай машыне выехалі ў Маскву, калі Мінск быў у агні. Цяжкі быў гэты пераезд. Купала быў нездаровы, а больш за ўсё ў яго балела душа. Ён развітаўся з Беларуссю ў час яе вялікага гора, якому тады нельга было даць ніякай рады, і гэта нясцерпна мучыла паэта. Заняцце фашыстамі Беларусі адбілася на ім выключна цяжка. Купала пастарэў, пасмутнеў, стаў вельмі маўклівым... Неяк раз мы былі з ім адны. Уладка была на кухні. Гэта было на кватэры ў мастака Елісеева, дзе спыніўся Купала ў час бежанства з Мінска. Ён сядзеў на ложку, сціснуўшы галаву рукамі.

— Ты хворы, Янка,— сказала я яму.— Табе лепш легчы ў пасцель.

— О, я лёг бы, каб мог не думаць, хоць хвілю зусім не думаць ні аб чым... А як не думаць, як тут улежыш спакойна? Тут гатовы зрабіць немаведама што.— І колькі было болю і горычы ў яго словах!

Ён скардзіўся, што працаваць яму цяжка. На Маскву днём і ноччу ляцелі варожыя бамбавозы і скідалі бомбы. Абвяшчалася трывога, і яго прымушалі спускацца ў бамбасховішча. Гэта заўсёды выклікала спрэчкі: Купала адмаўляўся ісці ў бамбасховішча: яму, хвораму, цяжка было ўставаць ноччу з пасцелі, апранацца і ў пацёмках ісці ў падвал, сыры і халодны.

Ён гарэў агнём вялікай нянавісці да захопнікаў. Уладка рабіла ўсё, каб палегчыць жыццё свайму сябру і мужу. Яна атуляла яго клопатамі, старалася ствараць найвыгаднейшыя і найспакайнейшыя ўмовы для жыцця і працы, але ўвага і настойлівасць часам выклікалі ў яго раздражненне. І ўсё ж такі ён ведаў, што такога шчырага сябра, якім была яму У. Ф. Луцэвіч, у яго не было і не будзе.

...Аднойчы, памятаю, у Маскве ён заехаў да мяне на работу і запрапанаваў адвезці на машыне дадому. Змучаны, хворы, ён усё ж заставаўся самім сабой: як заўсёды, чулы, далікатны і добры. Каля кандытарскага магазіна спыніў машыну. «Куды ты?» — спытала я. «Хачу купіць табе крыху цукерак да чаю»,— сказаў ён і праз хвілю выйшаў з магазіна з каробкай. Я была вельмі ўзрушана, аж пачырванела ад радасці. І ён быў задаволены. Зрабіць камусьці прыемнасць яму надта падабалася.

У другі раз Янка Купала прывёз мне на работу сваю кніжку «Над ракой Арэсай» з надпісам. Потым мы зайшлі ў гасцініцу «Масква», дзе ён тады спыніўся, і вельмі шчыра частаваў мяне ўсім, што можна было дастаць у рэстаране. Чытаў свае вершы. Гаварыў, што трэба больш часу выкройваць для творчасці. Потым, узяўшы апошнюю папяросу з нейкай вельмі прыгожай каробкі, тую ж пустую каробку жартам працягнуў мне: «На, ты ж любіш цацкі». «А што думаеш,— жартавала я,— зрабі на ёй прысвячэнне, і некалі гэта будзе музейная каштоўнасць».

А потым, калі ўвесь архіў Янкі згарэў у агні вайны, калі нават кніжкі яго трэба было збіраць па людзях, гэтыя жарты я ўспамінала як дакор.

Данесці жывы вобраз Купалы да будучых пакаленняў. Аб гэтым павінны клапаціцца ўсе мы, хто меў шчасце жыць, працаваць побач з ім, тварыць і расці пад жыватворным подыхам яго чароўнай ліры.

1962-1963 гг.


1962; 1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан