Вясна пяе. Гамоняць ручаі.
Шуміць вада, сплываючы у долы.
Мы йдзём з табой на поле — удваіх...
Прыемны нам вады разгон вясёлы.
Дзень ярыцца. На схілах поля снег
Прытоіўся. Ляжыць сцямнелай глыбай.
Не кінецца у вочы нам агрэх,
Мы ж тут з табой ўзнімалі ўзмёту скібы.
Яны набраклі талаю вадой.
Ляжаць. Чакаюць нашых рук і сонца...
Вясна ідзе! Што дзень, то больш слядоў
Яе відаць па ўсёй, па ўсёй старонцы.
Яна пяе, звініць, шуміць, цячэ,
А нам гучыць — быццам кахання песня.
Ці нам не рана, любы мой, яшчэ
Ўступаць у наша шчаснае прадвесне?
Не! Вочы зорна свецяцца твае...
А свежы вецер студзіць нашы губы..,
Якое шчасце нам вясна дае,
Вясна юнацтва, маладосці, любы.
1954 г.