epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Вясна

Вясна пяе. Гамоняць ручаі.

Шуміць вада, сплываючы у долы.

Ідзём з табой на поле — удваіх...

Прыемны нам вады разгон вясёлы.

Дзень ярыцца. На схілах поля снег

Прытоіўся. Ляжыць сцямнелай глыбай.

Не кінецца у вочы нам агрэх,—

Мы ж узнімалі разам тыя скібы.

Яны набраклі талаю вадой,

Ляжаць. Чакаюць нашых рук і сонца...

Вясна ідзе! Што дзень, то больш слядоў

Яе відаць па ўсёй, па ўсёй старонцы.

Яна пяе, звініць, шуміць, цячэ,

А нам гучыць — жывых пачуццяў песняй.

Ды ці не рана, любы мой, яшчэ

Ўступаць у наша шчаснае прадвесне!

Не! Вочы зырка свецяцца твае...

А свежы вецер студзіць нашы губы...

Якое шчасце нам вясна дае,

Вясна юнацтва, маладосці, любы.

1973 г.


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан