epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Вясной

Кроплі буйныя са стрэх

Капаюць на талы снег

І сплываюць звонка к долу

Ручайком жывым, вясёлым.

Я, Міхась і Бора з Людай

Ўздумалі зрабіць запруду.

Мы калолі ломам лёд,

Гарадзілі з дошак плот,

Снег утоптвалі наўкола

Ўсёй брыгадаю вясёлай.

І ужо праз хвілю лужа

Заліла нам цэлы двор,

Лёгкі вір паперкі кружыць.

Як стрымаць яго напор?

Вал трамбуем мы высокі,

Моцны вал. І ад варот

Па канавах па глыбокіх

Мчыць бурлівы веснаход.

Выйшла мама: — Памажыце!

На работу мне пара,

Дык хутчэй жа адвядзіце

Ваша мора са двара!

Памагчы мы маме рады,

У запрудзе робім ход.

Забурліўся ледаваты,

Звонкі, спеўны веснаход.

Дошак мы наклалі многа,

Так што вырас цэлы мост,

І — сухая ўжо дарога

Ад парога да варот...

Зразумелі, хоць не скора:

Не на месцы наша мора!

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан