epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Вецер дзьме, самкнуўшы прутка губы...»

Вецер дзьме, самкнуўшы прутка губы,

У шчыліны сцен старое хаты.

Гоніць снег, закручваючы ў трубы,

Нібы стада прывідаў крылатых.

Ты турботна глянуў мне у вочы

І прыкрыў мяне крысом шынелі.

Гэта сэрца так маё стукоча

Ці грукоча ў лад напор мяцелі?

Дзесьці быццам лязгае жалеза,

Дзесьці быццам танкі загудзелі...

За акном — сляпая куламеса,

Сцюжай павявае ад пасцелі.

Бухнулі зеніткі. Глянь, мой сокал,

Трасы куль на небе заблішчэлі!

Ты устаў, а я пад свіст і грукат

Зашпіліла на табе шынелю.

Ты пайшоў... Як неспакойна ў свеце!

Хай навек, навек хай згінуць войны!

Каб і мы, і нашых дзетак дзеці

Жыць маглі шчасліва і спакойна.

Хай жа згіне, хай навек загіне

Той, хто йдзе на край чужы вайною!..

А то, чуеш, плача за сцяною

Маці аб забітым сёння сыне.

1942


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан