epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Верш гэты, як жывы вянок...»

Верш гэты, як жывы вянок,

Нясу я на тваю магілу,

Хоць невядома мне, дзе лёг

Ты ў непрабудным сне, мой мілы.

Мо там ні траўкі, ні лістка,

Бетон мо сціснуў твае грудзі,

Якія пахавалі людзі?

Закрыла вочы чыя рука?

Ці спіш ты пад зямлёй адзін,

Ці мо ў брацкае магіле?

А мы ж з табой аб шчасці снілі...

А ў нас з табою вырас сын...

Ён да цябе зусім падобны,

Увойдзе — быццам ты жывы...

І думкі яснай галавы,

І выраз твой, зусім асобны...

Наш шлях няўмольна раздзялілі,

І ты сышоў ужо з пуці...

І мне нядоўга ўжо ісці...

Ці ж аб такім жыцці мы снілі?

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан