epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Вочы прыжмурыла светлая летняя ноч...»

Вочы прыжмурыла светлая летняя ноч,

Крокам нячутным ідзе на палеткі яна.

Зданню стаіць на узмежку апалены корч,

Белы туман на лагу — як сувой палатна.

Быццам на варце стаіць нерухомы наш лес,

Поле гушкае спелых жытоў каласы,

Месяц бліскучы між воблакаў цёмных пралез,

Мые ў сціхлай рацэ барады залатой валасы.

Ноч абходзіць нячутна ўсе ўладанні свае,

Сыпле расу на заснуўшыя ў змроку палі...

Сочыць, як кроплі духмяныя радасна п’е

Кожная траўка, што выплыла з роднай зямлі.

Ноч-чараўніца! Таемнасці вечнай краса!

З неба глядзіш зрокам ясных, праменістых воч...

Трудна цябе вось усю — як ты ёсць — апісаць,

Радасць мая! Зорная летняя ноч!

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан