epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Вочы шэрыя, а бляск іх — залаты...»

Вочы шэрыя, а бляск іх — залаты...

Льецца ён на лес, на дрэвы, на кусты,

Асвятляе ўздым пагоркаў, схіл далін,

І гаі, і каласістыя палі.

Месяц промні, як качэлі, апусціў,

Села ў іх — такая светлая, на здзіў!

Хустка сіняя у зорках залатых,

Быццам з золата чырвонага літых.

Адбіваюцца яны у хвалях вод,

Быццам купал неба скінуўся на спод.

Ночка, ночка... Да чаго ж прыгожа ты

У таемным ззянні зорак залатых.

1952 г.


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан