epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Вось храм рэлігіі...»

Вось храм рэлігіі...

Як здань старога — ў новым...

Муць дробных шклечак у жалезных кратах.

Ён быццам сном дурманным, гарачковым

Заціснуты натоўпам веж пукатых.

Ў ім лабірынты цесных пераходаў,

Навісла столь каменнай цяжкай нішай...

Я чую стогн гаротнага народа

Праз мураў гэтых векавую цішу.

Ўсё тут у мяртвоціне застыла,

Гучыць і сёння, як гуло адвеку,

Паныла, нудна: «Госпадзі памілуй...»

А ў чым памог «гасподзь» той чалавеку?

Ўсё тут нязменна, хоць прайшлі сталецці,

Прагрэс, навука, бітвы за свабоду,

Адкрылі атам, космас для народа,

І ён ідзе наперад ў сіл расцвеце,—

Рэлігія — як хвалі вал застылай,

Які пазбавіўся навекі руху...

Бяздумна цягне: «Госпадзі памілуй...»

Людскія грудзі налівае скрухай,

Моц наша — у з’яднанні дум і працы,

Да «неба» мы ужо рукой дасталі —

І бога там нідзе не сустракалі,

Не мы яго — а ён нас стаў баяцца.

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан