epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Вось нясе легкацечны паветра паток...»

Вось нясе легкацечны паветра паток

Стада воблакаў белых, крылатых.

Сочыць ціха за імі задумлівы зрок,

У прадбачанні хуткае страты.

Іх схавае ў бязгранні сваім краявід,

Шлях прад імі адкрыты шырокі,

Потым стоўпяцца ў хмары, заплачуць наўзрыд —

І к зямлі хлынуць цёплым патокам.

Ў вышыні пустка, ціш... Там нічога няма,

Сонца бляск і блакітнасць прастору...

Яшчэ вышай — сняжыстыя хмаркі... Зіма,

Яшчэ вышай — у космасе зоры...

Светлай зоркай у космасе наша зямля

Крэсліць шлях свой на вечнай арбіце...

Касманаўт яе бачыў з свайго карабля

У расквечаным сонцам блакіце.

І прыгожай як шчасце здалася яна

Свайму смеламу сокалу сыну,

Ён бы пэўна ад гора і болю сканаў,

Каб яе назаўсёды пакінуў.

Ну дык скуль жа той сум, што узняўся ў душы

І напоўніў тужлівасцю вока,

Што я ўсплыць не магу ў блакітнай цішы,

За растаўшым у сонцы аблокам!

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан