epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Восень

Ведаю, і нада мной калісьці

Восень густа пазалоціць лісце,

Загарыцца полымна над хатай

Клён наш мілы, лёгкі клён крылаты...

Лес правідным стане на адхоне,

Апусцеюць, пачарнеюць гоні.

Запалю я ў маёй хаце печы,

З трэскам будуць дровы ў іх паліцца,

І цяпло ад печак будзе ліцца,

І агорне ногі мне і плечы...

Працавала ўлетку я з ахвотай,

Час прыйшоў спачыць мне ад работы.

Шчасце ёсць і ў цішыні глыбокай...

Вось гляджу, агонь як ліжа дрэвы,

Як шыпяць у іх жывыя сокі,

Як смала ўскіпае ад нагрэву,

Як ля сцен дрыжаць пужліва цені,

Ад ігры агню, яго праменняў.

Добра мне. Цяпло, і ноч, і ціша

Льюцца ў грудзі мяккай асалодай.

Што ж, пара. Прайшлі у працы годы,

Штурмавала не адно узвышша,

Не масцілі мне шляхоў пад ногі,

Не шукала лёгкай я дарогі,

Добра адчуваць, што шчырай працы

Аддала я маладую сілу.

Мо не ўсё, а гэта можа стацца,

І не так, як трэба, я зрабіла,

Толькі ў творчым і гарачым ўздыме

Сіл душы служыла я Радзіме.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан