epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Вуліца ў Мінску

Яна ўгару ад парку йдзе —

Ляжаць каменныя ступені,—

Нібыта ў будучнасць вядзе,

У поўны шчасця дзень вясенні.

А па баках шумяць, шумяць

Насады, кветкі палявыя.

І статуі між іх стаяць,

Як бы не літыя — жывыя.

Напрогся хлопец і, гранату

Кідаючы, глядзіць удаль,

Жалезнай воляю узняты,

А воля гэта — нібы сталь.

Ён пераможа, ён прывык —

Дзе б ні вялі яго дарогі —

Ці ўзяўшы молат, а ці штык,

Дабіцца слаўнай перамогі.

Застыў імклівы ён, стаіць,

Свой Мінск вітаючы вясновы.

А вось па лесвіцы бяжыць

Хлапец жывы — не мармуровы.

К станку. У клас. На стадыён.

Ён той жа воляю абняты,

Бярэцца за работу ён,

Як гэты ўзяўся за гранату.

Як радасна, як добра жыць,

Спяваць пад шум вясны ў натхненні!

У кветках лесвіца ляжыць,

Бягуць, бягуць вышэй ступені...

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан