epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Вы просіце песні — ды сэрца збалела»

Вы просіце песні — ды сэрца збалела

І больш ужо іх не пяе.

Душа пад цяжарам цярпення самлела,

І песні не льюцца з яе...

Вы просіце песні?.. Калісьці у гаю,

Я помню, саловачка пеў.

Цяпер дзе салоўка, ніхто з вас не знае,

Куды і чаго паляцеў...

Ці холад, ці голад, ці ястраб — смерць, можа,

Салоўку са свету звялі,

Вы помніце толькі, што пеў ён прыгожа,

Калі ўсё цвіло на зямлі...

Калісь, як салоўка,— дзяўчына з-пад вёскі

Так звонка умела пяяць,

Аж рэха любіла нясці адгалоскі

І слоўцаў канцы паўтараць.

Цяпер, дзе дзяўчына,— хто знае, хто скажа?

Каго зацікавіць, каго?

Чыя пагубіла яе рука ўража?

Дый што бы каму да таго!..

Я знаю... скажу я... Аб беднай дзяўчыне

Мне хочацца вам расказаць;

Яе доля пагнала з хаты ў чужыну

І хлеба, і працы шукаць.

І ў шчаснай пары красы дзіўнай дзявочай

Спаткаўся благі чалавек,

Раз глянуў — а бачце, ліхія меў вочы! —

Прапала дзяўчына навек.

З тых пор яна болей ужо не пяяла,

А сохла, як цвет пад касой,

Ў вачах людскіх нікла, краса яе звяла,

Пакончыла ўрэшце з сабой...

А ўсё тыя вочы, нягодныя вочы,

А ўсё той благі чалавек,

Што так без пары ссушыў сэрца дзявоча,—

І дзеўча прапала навек...

А мне вельмі шкода... дзяўчаці жалею,

І сыплюцца слёзы з вачэй.

Вы просіце песень? Пяяць я не ўмею.

Паплачу — то будзе лягчэй...

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан