epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Вы толькі як сваіх далей лічыце нас...»

Вы толькі як сваіх далей лічыце нас,

Не думайце, што мы нікому не патрэбны.

У нас яшчэ душы жар шчыры не загас,

Хоць скроні пабяліў зімовы іней срэбны.

Усё, што робіце сягоння ў краю вы,

Мы ў поўні нашых сіл, з адданасцю рабілі,

Нас вецер часу гнуў, як бура гне кавыль,

Ды наша моц не раз ламала бурам крылы.

Сягоння неба ў вас над галавою сіне,

Праменісты блакіт смяецца вам у вочы,

А колькі з нас няма...

Як шмат ў зямлі іх стыне,

Закрыла вочы іх заслона чорнай ночы.

І мы маглі б там быць. Ішлі мы з імі ў рад,

Мы не хаваліся, мы йшлі ў бой адважна,

Дык абыякава вы не кідайце пагляд

На нашай постаці — не вельмі антуражнай.

Сябры мы тых, што спяць, што чэсна паляглі,

А сэрцам з вамі мы ідзём ў рабочым строю,

Звяно мы ў ланцугу бяссмертнасці зямлі,

А трудны вопыт наш — хай душы вам узброіць.

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан