epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Высь Ай-Петры атуліла хмара...»

Высь Ай-Петры атуліла хмара

Шапкай размахначанай, бялёсай,

І плывуць у хвойныя гушчары

Туманоў распушчаныя косы,

 

Клубяцца, купаюцца ў паветры,

Снегам адзяваючы Ай-Петры.

 

Холадна! А ўнізе — дыша мора,

Разамлелі ў сонцы кіпарысы.

Сімеіз, Алупка і Місхоры

Каля ног Ай-Петры разлягліся —

 

Паміж паркаў і садоў зялёных,

Дзе квітнеюць ружы на газонах.

 

Парк Палярнікаў люблю я змалку...

Кіпарысы тонуць у блакіце,

Паланянка Турцыі — русалка

З хваль празрыстых выплывае з дзіцем.

 

І глядзіць на край свой — і не можа

Наглядзецца на яго прыгожасць.

1962 г.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан