З табой мы дружылі — і былі на «ты»,
Ў абоіх тады ў нас кашэль быў пусты...
Прыходзіў ка мне ты ў халодную хату,
На вокнах наклейкі...
Са сцен ледаватых
Снег белы свяціўся — так іскрыўся ён,
Як іней на тонкіх іглінках сасон,
Калі іх зіма сваім дахам агорне...
Мы елі са смакам хлеб гліністы, чорны,
Пілі мы гарачую проста ваду,
Без цукру і чаю. І былі тым сыты.
Казаў ты: і заўтра к табе я прыйду,
З табой у нас душы друг другу адкрыты...
Цяпер мы спаткаліся...
Ты — ўжо не ты,
Якісьці напружаны, важны і строгі,
Як лёгка к табе падняслі мяне ногі!
Сустрэў мяне погляд халодны, пусты,
Заўважыў мяне, пакланіўся мне нізка
І руку паціснуў халоднай рукой...
А дзе ж той мой сябра? Таварыш мой блізкі?!
Няма...
Час, што ў прошласць сплывае ракой —
Змыў чуткасць і дружбу. А... важнасць прынёс...
Як шкода!
Да слёз!..
1966 г.