epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«З вайны не прыйшло у нас двое...»

З вайны не прыйшло у нас двое:

Мой муж і сястры маёй муж...

Не клалі ляўкояў і руж

На могілкі нашых герояў!

І дзе пахаваны яны,

Ніхто нам не скажа, ніколі...

Загіблі Радзімы сыны

За тое, каб жыць нам на волі.

А сцісне за сэрца туга

Бязмужняе долі сірочай,

Хай удоўяга болю смуга

Не засціць нам скрушныя вочы.

Мільёны за нас аддалі

Усё, што найлепшага мелі...

І сум наш — свет цэлы раздзеліць,

Раздзеляць лясы і палі.

Крывёй іх паліта зямля,

Таму яна дыша свабодай!

Ад зор пяцікутных Крамля

Струменіцца шчасце народа.

І там, пад адвечнай сцяной,

Як боль ўсенароднае страты,—

Залегла Магіла Салдата...

За мужа, за сына, за брата

Паплачце над ёю — са мной.

1968 г.


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан