epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«За Дунаем звоняць косы...»

За Дунаем звоняць косы,

Ды не на пакосе.

Журавінавыя росы

Палі на калоссе.

Скачуць коні, іржуць коні,

Гнуцца ў бойцы пікі,

Звонкім звонам шаблі звоняць

У баю вялікім.

Вораг стаць хацеў багатым —

Звер і кат пыхлівы —

Папаліў ён нашы хаты,

Панявечыў нівы,

Плачуць людзі, зямля плача

Пад фашысцкім ботам...

Ды з’явіўся полк казачы

Сакаліным лётам.

Зазвінелі шаблі-косы,

Ды не на пакосе.

Журавінавыя росы

Палі на калоссе.

Неба сіне-сіне-сіне

Над чырвоным жытам.

Поле доўга не астыне,

Трупамі укрыта.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан