epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

За мір

I
II
III


I

З пяшчотнай ласкай маладая маці

Схіляецца да соннага дзіцяці.

Як птушка крыллямі — яго атуліць,

Калыша з песняй — люлі, сынку, люлі...

 

І спіць сынок, святым каханнем гэтым

На цэлы век, на ўсё жыццё сагрэты.

Спяць дзеці — у калысках і у ложках,

І тыя, што не цвёрдыя на ножках,

 

І тыя — што ўжо вучацца у школах,

І тыя — што ў паход ішлі вясёлы,

І тыя — што, узяўшыся за працу,

Ніякіх ускладненняў не баяцца.

 

II

Ёсць дзеці, што расці ужо не ў сілах:

Каса вайны няўмольна іх скасіла...

І спяць яны, як скошаныя кветкі,

Ля тых дарог, дзе родныя палеткі

 

Шумяць сягоння каласістым збожжам.

Праходзіць час — а мы забыць не можам!

Над намі сёння дзень устаў яскравы,

Вось лог, на ім квітнеюць буйна травы,

 

Дымы над вёскай ўзносяцца у неба.

Наш мірны дзень. Нам ваяваць не трэба.

Схіляюць маці голавы сівыя,

Успомніўшы падзеі агнявыя.

 

III

Хай гора матак нашу пільнасць будзіць,

Забыць аб гэтым мы не можам, людзі,

Дык кінем кліч, каб нас усюды чулі —

У Нью-Йорку, Рыме, Лондане, Стамбуле:

 

— Вайну раздзьмуць — нікому не дазволім!

Дзяцей губіць ніхто не будзе болей!

Няхай растуць шчасліва на ўсім свеце —

У белых, чорных, жоўтых матак дзеці.

 

Хай мір і дружба, шчасце і надзея

Над імі, быццам сад вясной, квітнее,

Мір нашым дзецям! Хай растуць спакойна!

Ім — і бацькам іх — не патрэбны войны.

1963 г.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан