epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Запалілася зара на ўсходзе...»

Запалілася зара на ўсходзе —

Падымае залатыя крылы,

Па разорах галкі важна ходзяць,

Аглядаюць скіб шырокіх схілы.

 

Даль уся пранізана світаннем,

З комінаў бруіцца дым махнаты —

Там бліны пякуцца на сняданне,

На вуголлях жаркіх, ружаватых.

 

Пастухі ўжо выганяюць стада

Па шырокім ветраным прагоне,

Лыска брэша, быццам вельмі рады,

Што са статкам зноў ідзе сягоння.

 

За прагонам — шыр палёў бязгранна,

Не відаць ёй ні канца ні краю.

Тут усё засеяна старанна,

Глянь — зярняты дружна прарастаюць!

 

Сэрца шмат і гарту маладога

У работу укладае моладзь,

І па ўсім відаць — няма нічога,

Што б яна не здолела адолець.

 

Мы ўсім моцна паціскаем рукі

І глядзім у маладыя твары.

Дзеці нашы і дзяцей унукі!

На зямлі вам жыць і гаспадарыць.

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан