epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Зашумелі сосны...

Зашумелі сосны! Дзіва! Дзіва!

Быццам бы наяве, а не ў сне,

Маладосць з усмешкаю шчаслівай

Падышла нячутна да мяне.

 

Я была такой звонкагалосай,

Тоненькай і лёгкай, як яна.

І такія ж ільняныя косы

Залаціла сонейкам вясна...

 

Выйшла я ў жыццё па траскай гаці —

Бездань калыхалася пад ёй...

— Мужнай будзь,— вучыла мяне маці.

— Чэснай будзь,— даводзіў бацька мой.

 

Я з дарогі не хацела збочыць,

Хоць яна нялёгкаю была.

Смерць не раз мне пазірала ў вочы,

Толькі я вачэй не адвяла.

 

Сэрцам не схлусіла я ні разу,

Хоць спакуса сцерагла мяне.

Верная бацькоўскаму наказу,

Я служыла роднай старане.

 

Мужна перанеслі мы напасці,

І хоць кожны з нас — нядоўгі госць,

Аддаём мы людзям толькі шчасце —

Хай яго шануе маладосць.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан