epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Змарылася зямля, аддаўшы людзям многа...»

Змарылася зямля, аддаўшы людзям многа,—

Угнуліся палі, хістаюцца сады;

Народ папрацаваў, не дбаючы пра бога,

І — радасна збіраць багатыя плады.

 

Ляжыць папар. Шырозныя барозны,

Як крупы сыпкія. Ралля — духмяны хлеб.

І нават сухавей нас не пужае грозны —

Канал ваду дае нам для любых патрэб.

 

Хлапцы вясковыя — хто ў спрыце іх

дагоніць?

Дзяўчаты — з гэткімі душою маладзець!

Ніводная сябе на працы не уроніць,

І дома чыннасць — люба паглядзець.

 

На моладзь мы глядзім з любоўю і пашанай,

Упэўнена яна цярэбіць новы шлях.

Народ мой, мудрай воляю з’яднаны!

Шуміць над светам крыл тваіх размах.

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан