epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Зноў маўкліва прыйшла я сюды...»

Зноў маўкліва прыйшла я сюды,

Дзе над плынню блакітнай вады

Дрэмле стэпу бяздонная ціша.

Тут не ўбачыш ні лесу, ні гор,

Толькі траўны бязмежны прастор

Цёплы вецер з налёту калыша.

 

Ціха шэпча высокі кавыль

Думы-сказы пра страшную быль,

Пра вайны навальніцу-трывогу...

Параслі кавылём курганы,

Дзе сном вечным спяць нашы сыны

На данскіх неаглядных разлогах.

 

Аглядае, вартуючы, дол

З паднябеснае высі арол —

Крэсліць круг над высокім курганам.

Над ім жаўра рассыплецца шклом,

Замільгаўшы ў паветры крылом,—

Ён вітае герояў шторана.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан