epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Журавіны

Ўюцца над мохам цянюткія вецці,

Дробныя кветкі, як зорачкі, свецяць.

Потым, на ложку пуховага моху,

Родзяцца перлы — што зерне гароху.

 

Срэбную россып іх ветры абвеюць,

Ў сонцы асеннім яны ружавеюць,

Ціха ляжаць, нерухома і сонна,

На белым моху раскінуўшы гроны.

 

Подых зімы, свіст шалёнай завеі

Ціхі спакой над балотам развее.

Гроны ляжаць, быццам срэбныя слёзы

Сцятыя жорсткай рукою марозу.

 

Лёд іх сціскае, калоціць завея,

І чырванеюць яны, саладзеюць

І даспяваюць у горы сцюдзёным,—

Не ў дабрабыце, спакойным і сонным.

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан