epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Жывы Купала

Купала спіць. Заснуў навекі.

А думкі Янкавы не спяць...

Яны лунаюць над палеткам,

У цэхах ля станкоў гучаць.

З акна калгаснай, светлай хаты,

І гарадскіх дамоў — яны

Натхнёным гукам і крылатым,

Як срэбныя звіняць званы.

Яны, як заклік да змагання,

За будучыні светлы дзень,

А з імі — ў бляск таго світання,

Жывы Купала наш ідзе.

Ідзе і сэрцам неўміручым

Пракладвае праменны след,

Ён Беларусь усю агучыў

І акрыліў, бо ён паэт.

І вось яна — як птах крылаты

Імкнецца ў свой шчаслівы дзень

І ў гуках сонечных, узнятых,

Жывы Купала наш ідзе!

1971 г.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан