Як я цябе люблю - хай скажа гэта мора,
Што у грудзях маіх бушуе, хай гавора
Аб тым сэрца, што пагляд тваіх вачэй
Сон прабудзіў яго, аж дрогнула сільней
І так забілася, як птушачка у клетцы,
Што вырвацца з грудзей хацела ўжо, здаецца...
Як я цябе люблю - хай скажа салавей,
Што ночкамі пяяў над галавой маей;
І ночкі гэтыя - бяссонныя ўсе ночы,
Што да цябе няслі рой дум маіх дзявочых,
Як ты далёка быў - далёка ад мяне...
Хай скажуць зорачкі ў блакітнай вышыне,
Што там, вось як цяпер, дрыжалі, мігаталі,
А мне здавалася, што нешта ўсё шапталі,
А ты тады на іх глядзеў, і з вышыны
Пагляд твой да мяне звярталі стуль яны...
Як я цябе люблю - не скажуць толькі людзі,
Бо змогуць жа яны заглянуць там - у грудзі,
Убачыць сэрца глыб - агнёў кахання мора,
І зразумець, аб кім, бушуючы, гавора...
1914