epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Яму

Ты прыедзеш ка мне, і у доме маім

У той час маё шчасце ўваскрэсне ізноў.

І не будзе туга ліць у сэрца палын,

Наліваць яе горыч у кроў.

Без цябе мне і сонца не свеціць ў акно,

І аб яснай вясне не шапочуць лісты...

Цяжка жыць аднаму - жыць не лёгка адной,

Гэта ведаеш, пэўна, і ты.

Нахіліўся б ка мне твой прыветлівы твар,

Да грудзей бы тваіх галаву прытуліць...

Пацалункаў успыхнуў бы радасны жар -

І жаданне любіць, і любіць...

Колькі моцы ў каханні! І колькі красы!

Будзіць дум яно смелых шырокі размах.

Ты кранешся рукой маёй цяжкай касы -

І я лёгкай раблюся - як птах.

Мне здаецца, я дзесьці высока ляту,

Сэрца грэе бязмежнага шчасця агонь.

Ўнізе рэкі шумяць і палеткі цвітуць,

Льецца неба блакітная тонь.

І нічога цяжкога на свеце няма.

Я усё, найцяжэйшае, лёгка зраблю,

Толькі б ты мяне ласкай любві падтрымаў,

Гаварыў мне: - Я твой! Я люблю!..

 

1943

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com