epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Кветкі

Гляджу на пабляклыя ружы лісткі,

Што, звяўшы, ляжаць прада мной,

І сэрца сціскае боль нейкі цяжкі,

Туманяцца вочы слязой...

 

Ёсць дзіўная сіла у гэтых лістках:

Чуць толькі я гляну на іх -

Мне прошласць яны нагадаюць на міг,

І тону ў чароўных я снах.

 

І сумна мне вельмі, што гэтыя сны

Так скора прасніла ўсе я,

Што болей не вернецца зноў да мяне

Святляная прошласць мая.

 

Тады йшчэ ў душы маёй вера жыла,

Было шмат у сэрцы надзей;

Свабодная светлаю думкай маёй,

Высока шыбаць я магла.

 

Сягоння... Сягоння таго ўжо няма,

Сягоння я з смутнай душой,

Як тая, пакрытая слоем дзярна,

Магіла з уласнай труной...

 

А я у магілу схавала сваю

Вялікі гроб вечны - душу;

У ім пахавала ўсю прошласць маю -

Ўсё гэта ў сабе я нашу.

 

Сягоння хоць смех мой на вуснах дрыжыць,

Хоць гляну падчас весялей, -

То ўсё толькі кветкі магілы маёй,

Што хочуць нутро ў ёй прыкрыць.

 

1914

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com